«Дом...» з «Чырвонай Каскай» ды іншымі планамі

13 кастрычніка Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр адзначыў 30-годдзе. Свой 31-ы сезон ён адкрыў спектаклем «Дом Бернарды Альбы», што выйшаў літаральна месяц таму, завяршыўшы сезон юбілейны. Вераснёўская афіша ўключала і іншыя прэм'еры апошняга часу, якіх было, як заўжды, багата.

— Падводзячы вынікі юбілейнага сезона, — распавяла ў прыватнай размове дырэктар тэатра Алена Маставенка, — адзначу найперш тры пастаноўкі, здзейсненыя за гэты час Віталём Краўчанкам: «Ціха тут на досвітках...» (гэты спектакль патрапіў на ХХVI Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» ў Брэсце), «Танга матылька», прымеркаванае да юбілею нашай артысткі Галіны Анчышкінай, і «Дом Бернарды Альбы». На закрыццё цяперашняга сезона плануем яшчэ адну яго пастаноўку. Бо з 2017 года Віталь паставіў у нас 8 спектакляў  усе яны сталі падзеямі, усе любімыя гледачамі.

<...>

Спектакль атрымаўся вельмі  дакладным псіхалагічна. Глыбокая распрацоўка псіхалагічных тонкасцей у размовах і ўчынках заўжды была рэжысёрскім каньком Віталя Краўчанкі. Але на гэты раз ён пераўзышоў сам сябе, пры ўсім павышаным градусе эмацыянальнага напалу, дабіўшыся ад артыстаў натуральнасці, а не патэтычна тэатралізаванага «крыку», што з'яўляецца адным з распаўсюджаных недахопаў многіх постсавецкіх тэатральных калектываў.

 

Нягледзячы на такі падыход, спектакль ні ў якай меры не застаецца ў межах гіперрэалізму, а выходзіць на прастору яркай мастацкай сімволікі. На гэта працуе прыдуманая рэжысёрам сцэнаграфія — у выглядзе празрыстай цяпліцы, што сімвалізуе зусім не цяплічныя ўмовы, а жыццё «пад шклом», замкнёнасць між чатырох сцен, адгароджанасць ад наваколля. Тую ж ідэю, толькі іншымі вобразнымі сродкамі, адлюстроўвае выява матылькоў у шчыльна закручаным слоіку, перанесеная на праграмкі, рэкламныя флаеры, афішы.

Аднолькава чорныя сцэнічныя строі пяці дачок Бернарды (Наталля Голубева), якая толькі што пахавала свайго мужы, пры больш уважлівым поглядзе аказваюцца  рознымі: што ні сукенка — іншы фасон (мастак па касцюмах — Таццяна Лісавенка), што выяўляе індывідуальнасць гераінь, прынцыповую адрознасць іх характараў. Сімвалічна вырашана і маўклівая, не прапісаная ў тэксце Федерыка Гарсія Лоркі сцэна пакарання Марцірыа: артыстка Валерыя Лагута распускае рукавы сваёй сукенкі — доўгія, як у душэўна хворых у шпіталі, кладзе іх на стол, і сёстры, ускараскаўшыся на гэты «подыум», па чарзе топчуць яе ўяўныя кісці рук нагамі: хтосьці асцярожна ступае на дыбачках, а хтосьці, як Аўгусціяс (Ірына Чарняўская), якая з'яўляецца афіцыйнай нявестай Пепе, з усёй моцы і дзікім лямантам, скача па іх вострымі абцасамі. Ужо адзін гэты фрагмент — выдатна індывідуалізаваны «калектыўны партрэт» усёй сям'і.

 

П'есай не прадугледжаны мужчынскія персанажы, але і гомельскі спектакль мае жанравае азначэнне «драма з жыцця жанчын». Пры гэтым роля напаўзвар'яцелай бабулі Марыі Хасэфы аддадзена Сяргею Чугаю. Ён не імкнецца выглядаць «сапраўднай жанчынай» — наадварот. У святочным вэлюме і кайданах на ланцугу, выгляд старой сімвалізуе будучыню пяці сёстраў, якія мараць пра каханне і замужжа, але наўрад ці атрымаюць жаданае і змогуць напоўніцу рэалізаваць свой унутраны патэнцыял, усё тое, што закладзена ў жанчыну прыродай: нерастрачаная пяшчота трансфармуецца ва ўладнасць, а тая канчаткова трансфармуе псіхіку захавальніцы ачага — не ў побытавым, а ў філасофскім сэнсе гэтага выразу, як захавальніцы свету. Замест гэтага жанчына пачынае несці разбурэнне, што знішчае ўсё навокал і, у рэшце рэшт, яе саму.

 

Па напружанасці і дэтэрмінізаванасці дзеяння спектакль набліжаецца ледзь не да трылера. І пры ўсёй псіхалагічнай дэталізаванасці ўтрымлівае безліч тонкіх асацыятыўных спасылак, бязмежна пашыраючы быццам бы сямейна-побытавую гісторыю. Гэтаму садзейнічае і музычна-гукавое афармленне са шматлікімі пазавальнымі цытатамі-спасылкамі, прыдуманае ўсё тым жа Віталём Краўчанкам і рэалізаванае Вадзімам Нацвалавым.

<...>

 

Надзея Бунцэвіч

«Мастацтва» № 10, 2022 г.