Подыум або канвеер?

Сусветная прэм’ера драмы “Вырадак” германіста і драматурга Марыуса фон Майенбурга адбылася ў 2007 годзе ў “Тэатры на плошчы Леніна”, што ў Берліне. Не так даўно п’еса ўвайшла ў рэпертуар постсавецкіх калектываў — напрыклад, у траўні яна пад назвай “Фэйс-кантроль” была пастаўлена ў Херсонскім акадэмічным музычна-драматычным тэатры імя Міколы Куліша. І вось ужо Гомельскі маладзёжны тэатр зачыніў сезон сваёй інтэрпрэтацыяй “Вырадка” ад рэжысёра Віталя Краўчанкі і мастака Андрэя Жыгура.

Адразу выклікае спрэчкі вызначэнне пастановачнага жанру: заяўленая ў афішы “сатырычная камедыя” фактычна схіляецца да трагіфарса. Дэфіле ў пачатку спектакля становіцца заяўкай абранай эстэтыкі і гратэскнага існавання персанажаў, устанаўленнем правілаў гульні і прадстаўленнем масак. Саўнд-партытуру спектакля складае музыка фэшн-паказаў (афармленне Віталя Краўчанкі і Вадзіма Нацвалава).

 

Інжынера Летэ, які ў вачах навакольных паўстае вырадкам, увасабляе элегантна апрануты Сяргей Арцёменка, ад прыроды надзелены выразнай сцэнічнай знешнасцю. Калі ж галоўны герой вырашаецца на пластычную аперацыю, пасля якой усе знаходзяць яго немагчымым прыгажуном, яго знешнасць “абязвечвае” авангардны подыумны вобраз.

Знаходзіць сэнсавыя адценні ў аднастайных і аднайменных персанажах атрымліваецца, мабыць, толькі ў Валерыі Лагута, якая грае ўсіх жанчын у жыцці Летэ. Яна і Фані — жонка Вырадка, і заможная старая пані, і асістэнтка хірурга. Героі Галіны Анчышкінай (Шэфлер — кіраўнік Вырадка і хірург) — усё ж жанчыны ў мужчынскім касцюме, няўлоўна падобныя да Марлен Дзітрых з яе іроніяй, веданнем жыцця, унутранай свабодай. У гэтым шэрагу двухсэнсоўны вобраз пластычнага хірурга фармулююць люстраная сякера і фартух мясніка.

 

Андрэй Жыгур творча працуе з тэкстурай абраных матэрыялаў. Футра на сцэне — гэта і дыван, шлюбны ложак Летэ і Фані, і манто заможнай старой пані. Калі пані нявызначанага ўзросту стаіць ля задніка і футра пакрывае ўсю прастору камернай сцэны, яна паўстае ўвасабленнем Старой Еўропы — уладаркі свету спажывання. Выглядае гэта даволі плакатна, і абраная эстэтыка і філасофія жыцця, якую яна нясе, атрымліваюць адмоўную рэжысёрскую ацэнку. Клетка ў форме яйка, якая займае цэнтральнае месца ў сцэнаграфіі, сімвалізуе сацыяльныя рамкі — “шкарлупіну”, у якую змешчаны кожны чалавек, а таксама недасканаласць, непаўнавартаснасць сучаснага абывацеля (яйка ж — гэта зусім не вольная птушка).

 

Пунсовыя трусы як фэтыш мужчынскай сексуальнай энергіі апранаюць усе героі пасля аднолькавай, надзвычай паспяховай аперацыі — усе спадары жадаюць стаць уладальнікамі такога ж прыгожага твару, як у Летэ. Прывабны інжынер-электрык лётае з прэзентацыямі прадукцыі сваёй кампаніі па ўсім свеце, але страчвае ранейшую здольнасць да вынаходніцтва (не дзіўна, бо прадаваць — не ствараць). У спектаклі дакладна паказана маральнае знішчэнне Летэ, яго шлях ад Адоніса, якога дзякуючы прыгожаму твару жадаюць усе жанчыны, да прастытуткі — жывога ходкага тавару.

Летэ (Сяргей Арцёменка)
Летэ (Сяргей Арцёменка)

Прыроду другараднай асобы часам насмешліва, а часам пранізліва раскрывае Яраслаў Кубліцкі (Карлман — асістэнт Летэ, сын заможнай старой пані і санітар). У іпастасі сына заможнай старой — латэнтнага гомасексуала — Карлман гадзінамі праводзіць час ля люстэрка. Ён ганарыцца тым, што ў яго нос бацькі, але гатовы паступіцца гэтай індывідуальнай асаблівасцю сваёй знешнасці дзеля таго, каб атрымаць твар, такі прыгожы, як у каханага Летэ, што адначасова з’яўляецца палюбоўнікам маці Карлмана.

 

У фінале вербалізуецца дзіцячы ўспамін Летэ: матуля гладзіла яго па шчацэ, калі ён засынаў, і для яе сын быў самым прыгожым у свеце хлопчыкам. Маці была тым адзіным чалавекам, які па-сапраўднаму любіў Летэ. Калі Карлман — сын заможнай старой і Летэ паўтараюць фразу “Я люблю сябе...”, раскрываецца задума аб неабходнасці прыняцця свайго “Я” па-за межамі навязаных стандартаў прыгажосці і паспяховасці.

 

Фэшн-эстэтыка, новая для пастановак Краўчанкі, выглядае неарыгінальнай, бо яна ўжо ўкаранёная нават у рэгіянальны кантэкст: строі з калекцый амерыканскага мадэльера Тома Браўна 2012 — 2014 гадоў, па матывах якіх створаны касцюмы да спектакля, ужо былі адкрыта заяўлены ў Fable (“Байках”) паводле Лафантэна ў пастаноўцы Юрыя Дзівакова на сцэне Гомельскага тэатра лялек. Разам з тым, неабходна адзначыць: “Вырадак” — амаль што першы ў Беларусі спектакль пра сексуальную аб’ектывацыю, пра тое, як у грамадстве спажывання прадуктам становіцца сам чалавек.

 

Ліка Ярмолава

Фота з архіву тэатра

"Культура" №33 (1420)

17.08.2019 - 24.08.2019 г.