«Вешальнікі» Марціна МакДонаха ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы.
Рэжысёр Віталь Краўчанка стварыў свой варыянт п’есы «Вешальнікі», напісанай у 2015 годзе і ўпершыню пастаўленай у лонданскім Royal Court Theatre, — а з МакДонахам, як вядома, можна знаёміцца што праз тэатр, што праз кінематограф. Марцін МакДонах напісаў сцэнар, зрэжысаваў і спрадзюсаваў «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры», які атрымаў чатыры «Залатыя глобусы». І менавіта гэтая праца, дасяжная ў нашай прасторы, дазваляе ўбачыць тое, як аўтар адчувае свой тэкст — па стварэнні антуражу, падборы акцёраў.

Творца атрымаў «Оскар» у 2004 годзе за «Шасцізараднік» як за лепшы кароткаметражны гульнявы фільм. З яго ж апошніх папулярных кінематаграфічных прац — «Сем псіхапатаў» і «Залегчы на дно ў Бруге». І ўжо ў 2018-м ён напісаў «Вельмі-вельмі-вельмі цёмную матэрыю», якая яшчэ не дабралася да нашамоўнай прасторы, але ў назве адлюстравана частка аўтарскай эстэтыкі, таму і яе хочацца згадаць. І калі вы знаёмыя з якімі-небудзь узорамі творчасці рэжысёра і сцэнарыста, дык можна ўявіць належны ўзровень спалучэння камедыі, жорсткасці і чорнага гумару, натуральнасці і звышнатуральнасці. Марцін МакДонах — чорная магія ХХІ стагоддзя. Чатыры ягоныя п’есы адначасова трапілі ў рэпертуар Нацыянальнага Каралеўскага Тэатра ў Лондане. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы зрабіў вытанчаны рэверанс: на афішы — толькі ногі у паветры. Без падрабязнасцяў гвалту. Блізкасць ірландскай і беларускай літаратур ужо адзначана ў нашай інтэлектуальнай прасторы. Літаратурныя творы добра перакладаюцца, робяцца блізкімі і зразумелымі ў абодвух кантэкстах — як тэматычна, так і стылістычна. На сцэне Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін стварыў спектакль «Translations» паводле п’есы ірландскага драматурга Браяна Фрыла, а «Самотны Захад» Марціна МакДонаха з’явіўся на Камернай сцэне ў рэжысуры Паўла Харланчука-Южакова. Віталь Краўчанка таксама ўжо працаваў з тэкстамі Марціна МакДонаха — «Каралева прыгажосці» ўвайшла ў рэпертуар Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Так што «Вешальнікі» працягваюць гісторыю ірландскай драматургіі на беларускай сцэне, у Купалаўскім тэатры і ў творчасці асобна ўзятага рэжысёра. 1965-ы — год скасавання смяротнага пакарання, дзеянне спектакля прыпадае менавіта на гэты час. Вешальнікі, якія адышлі ад спраў, працуюць ва ўласных ядальнях-пітэльнях і падаюць піва заўсёднікам. Гары Уэйд (рабіў вешальнікам ажно да скасавання працэдуры) трымае невялікі паб на поўначы Англіі. Ён далёка не першы і не адзінкавы ў сваёй прафесіі, але ягоны знакаміты настаўнік, прыкладам, адышоў ад спраў куды раней. А як жыць пасля таго, як сканала справа твайго жыцця? Што рабіць, пакуль грамадства яе пераасэнсоўвае? Як да гэтага ставіцца? Менавіта такія пытанні ўздымае ў спектаклі рэжысёр, пакідаючы на другім плане процьму іншых.

Віталь Краўчанка — пастаноўшчык «Метаду» паводле п’есы іспанскага драматурга Жорзі Гальсерана «Метад Гранхольма». Гэты псіхалагічны трылер зрабіўся пераможцам Нацыянальнай тэатральнай прэміі — 2018 у намінацыі «Лепшы спектакль драмы малой формы». Яшчэ ў рабоце «Браты і Ліза» прадметам доследу рэжысёр абраў не грамадства, а псіхіку чалавека. У спектаклі «Метад» ён развіў гэты кірунак, імкнучыся заглыбіцца ў даследаванне асобаў, іх стасункаў, паводзінаў, учынкаў. Але ў той самы час «Метад» — вельмі глядацкі сцэнічны твор, разлічаны на масавую аўдыторыю. Адметнае спалучэнне для Віталя Краўчанкі — псіхалагічны экшн.
Пераклад п’есы МакДонаха зрабіла Марыя Пушкіна, якая працавала таксама з тэкстамі «Рэвізора» для Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы і «Палявання на сябе» для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У яе перакладзе практычна абышлося без лаянкі, але выявілася эпізадычная гульня, так бы мовіць, на памежжы слоў адметных, натуральных і так званых копій і калек, якімі ў арыгінальнай п’есе пазначана супрацьстаянне персанажаў на моўным узроўні дзякуючы дыялектам. І ўжо пераклад самой назвы як «Вешальнікі» вылучае закладзеную драматургам глыбіню (яе падкрэсліла і сцэнаграфія): у рускім перакладзе выкарыстана слова «палачи», у беларускай версіі, як бачым, няма «катаў». Віталь Краўчанка пазбягае залішніх рухаў на сцэне: яна статычная і герметычная. Вы трапляеце ў паб праз дзверы, яны за вамі шчыльна зачыняюцца і здаецца, што з гэтай замкнёнасці няма выйсця. Артыстаў, праўда, можна выпусціць праз тыя самыя дзверы, а можна... вынесці — паставіць чарговую сцэну «на паўзу» і апусціць на дадатковую платформу. Выйсце тэхнічна не залежыць ад волі персанажа. Да ўсяго спектакль візуальна закальцаваны кратамі; дзеянне за імі адбываецца на пачатку і пры канцы пастаноўкі. Для заглыблення ў адну тэму і распрацоўкі адной найважнейшай лініі рэжысёр ахвяраваў шматтэмнасцю драматурга, але кальцавая кампазіцыя пастаянна вяртае глядзельню да тэмы блізкасці вешальнікаў і шыбенікаў. Віталь Краўчанка перадусім вылучае ўнутраную «кухню» выканаўцаў волі правасуддзя, іх стаўленне да справы і тое, які адбітак тая накладае на іх асобы: размова на гэтую тэму часова замяняе гісторыю псіхалагічна вывераных стасункаў паміж героямі. Глядацкая ўвага адмыслова скіроўваецца на іх толькі пры канцы спектакля, калі на сцэне ўтворыцца трохкутнік з акцёраў старэйшага пакалення (Аляксандр Падабед/Ігар Сігоў, Ігар Дзянісаў, Зоя Белахвосцік/Юліяна Міхневіч), за якімі стаіць гісторыя ўзаемаадносін, што выклікаюць буру эмоцый і праяву сэнсаў, схаваных у тэксце. «Вешальнікі» апавядаюць пра ўнутранае жыццё персанажаў (як і папярэднія працы рэжысёра), што падкрэсліваецца сцэнаграфіяй Барыса Герлавана. На сцэне пануе замкнёнасць і сціснутасць, адзінае бачнае выйсце — вузкая шчыліна дзвярэй. Невялікая свабодная прастора акрэслена чырвоным аксамітам на падлозе, масіўным барам і крэсламі. Сцэнаграфія, нягледзячы на невялікую колькасць элементаў, выглядае масіўна: вырашэнне быццам бы ўцякло з іншага дзесяцігоддзя і апынулася ў 2019-м. Лаканічнасць, мінімалізм і функцыянальнасць сучаснага тэатра — не пра гэтыя дыхтоўна абстаўленыя апартаменты з шыбеніцай. Тут багацце яркіх фарбаў, чыстай і акуратнай мэблі, якія ніяк не суадносяцца з нашым уяўленнем пра брытанскі правінцыйны паб 1965 года.

Сутыкненне звышнатуральнай чысціні і драматычнага кантэксту — адзін са спосабаў перадаць на сцэне стылістыку МакДонаха: адчай і боль праз прыгожыя, акуратныя дэкарацыі, дзе лямпы мацуюцца на вяроўках з шыбеніц. У спектаклі дзівіць стэрыльнасць — і чысціня смерці ў тым ліку. Яна кантрастуе з жорсткім чорным гумарам МакДонаха, але не шакуе, як, верагодна, было задумана: павешанне на сцэне адбываецца на здзіўленне спакойна. Нікога не выварочвае ад жаху.

Рэжысёр адмовіўся ад дадатковай актуалізацыі спектакля для беларускіх рэалій і менавіта таму ў Беларусі, дзе да гэтага часу тэма адмены/дазволу смяротнага пакарання актуальная, мы быццам бы вывучаем брытанскія ідэалізаваныя рэаліі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Сэнсы і тэмы МакДонаха настолькі канцэнтраваныя, што здаецца нерэальным увасобіць тэкст, дзе практычна кожная рэпліка дадае новую паваротку і новую тэматычную нітку: гэтае «прадзіва» ўрэшце засыпае так шчыльна, ажно няма як дыхаць. Рэжысёр Віталь Краўчанка не дапусціў «затрымкі глядацкага дыхання», бо яго і так перахоплівае ад спалучэння слоў «смяротнае пакаранне». Але гэта ўжо можна стрываць.
Святлана Курганава
«Мастацтва» №3 (432) (стар. 42-43)
Сакавік 2019 г.