У Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля “Вешальнікі” паводле п’есы Марціна Макдонаха. Тэма – смяротнае пакаранне.
Жалезнымі кратамі, за якімі мураваная сцяна турэмнай камеры смяротніка, сустракае гледача вялікая сцэна Купалаўскага тэатра. Са злавесным грукатам дзверы адчыняцца, і ў камеру ўвойдуць кат, яго памочнік, камендант турмы і доктар. Вязень будзе вырывацца, заклінаць, што ён невінаваты, але атрымае дубінкай па спіне, на галаву яму надзенуць мех. А лепшы на той час вешальнік Англіі апусціць рычаг. У сапраўднай пятлі цела завісне над сцэнай, а затым знікне пад ёй. У пратаколе пакарання занатуюць, што павешаны сваёй віны не прызнаў.

Так натуралістычна, жорстка, бязлітасна да гледача пачынае рэжысёр Віталь Краўчанка свой дэбютны на галоўнай драматычнай сцэне краіны спектакль “Вешальнікі”. Гэты пралог напісаны выбітным б р ы т а н с к а - і р л а н д с к і м драматургам Марцінам Макдонахам, якога нават называюць Шэкспірам нашых дзён, на падставе рэальнай падзеі 1963 года, калі быў павешаны паводле сумнеўных доказаў згвалтавання і забойства Джэймс Хэнраці (у спектаклі гэта Хэнэсі, ролю якога выконвае Міхаіл Світа). Павешанне выклікала гнеў брытанцаў. Распачаўся рух супраць смяротных пакаранняў, што і прывяло да іх адмены ў 1965 годзе.
Менавіта ў той самы гістарычны дзень і адбываюцца падзеі п’есы Макдонаха і спектакля Краўчанкі. Далей купалаўская сцэна будзе ўяўляць сабой паб у правінцыйным гарадку на поўначы Англіі, які трымае той самы вешальнік. (У Брытаніі нярэдка катыпрафесіяналы выязджалі толькі на павешанне, а ў цывільным жыцці мелі пабы. Вешальнікі да таго ж не былі патаемнымі, людзі ведалі іх і па імёнах, і ў твар). Мастак Барыс Герлаван выбудоўвае інтэр’ер паба: барная стойка з апаратам для налівання піва, у шафе-вітрыне – безліч бутэлек (як па мне, дык аж занадта для невялікага паба), столікі, табурэты, крэслы. Тут жа абсталяваны і невялічкі музей прылад для павешанняў, пасярод якіх дартс. Але найстарэйшы беларускі сцэнограф, пік творчасці якога прыпаў на трэцюю чвэрць мінулага стагоддзя, нату- ральна, не мог адмовіцца і ад метафарычнасці, якая ўладарыла тады ў сцэнаграфіі і рэжысуры. Таму і ў гэтым спектаклі знайшлося месца для сімвалаў, метафар: жырандолі вісяць на такіх самых вяроўках, што ўжываюцца пры павешаннях, брытанскі сцяг пад каласнікамі завісае на пятлі як сімвал дзяржавы, у руках правасуддзя якой жыцці людзей. А пасярэдзіне сцэны – круглая пляцоўка, якая нагадвае арэну цырка, на якой, ужо паводле волі рэжысёра, часцей, чым за барнай стойкай, як цыркач-клоўн будзе знаходзіцца галоўны герой спектакля – вешальнік Гары Уэйд.
На момант адмены пакарання ён – першы кат краіны, а ў новай гісторыі – вешальнік нумар два, бо па колькасці павешаных саступае толькіўжо вешальніку-пенсіянеру Альберту П’ерпойнту. Уэйд – мясцовая знакамітасць, дзеля якой, а не з прычыны добрага піва, збіраюцца тут мясцовыя выпівакі. Прыходзяць як у цырк, і прадстаўленне гэтым разам будзе яшчэ тое: на іх вачах адбудзецца яшчэ адно павешанне-самасуд. Гэтыя разявакі ў спектаклі ёсць увасабленне грамадства, пры абыякавасці і маўклівасці якога да пэўнага часу і існавала смяротнае пакаранне.
Віталь Краўчанка выбудоўвае спектакль вельмі падрабязна, уважліва да кожнай дэталі, патрабуючы натуральнасці кантактавання паміж персанажамі. Ён ні на крок не збочвае ад складанага тэксту драматурга. Гэта – прынцыповы выбар рэжысёрам псіхалагічнага, акцёрскага тэатра ў яго класічнай форме. На сцэне разам прысутнічаюць аж да дзесяці артыстаў, якія шчыльна, з недапушчальным ні на секунду збоем удзельнічаюць у сюжэце. Такія маштабныя спектаклі – рэдкасць на сучаснай беларускай сцэне. Такая рэжысура таксама рэдкасць, але яна, што важна, датычная да лепшых традыцый купалаўскай сцэны.
З няспешным развіццём і развязваннем інтрыгі гэтаксама няспешна агаляюцца шматлікія аспекты глабальнай тэмы смяротнага пакарання. Павешанне – гэта забойства ці ўрачыстасць справядлівасці? А як быць з памылкай правасуддзя, калі жыццё шыбеніку ўжо не вернеш? Увогуле – ці мае права дзяржава, ад імя якой чалавека вешаюць, забіраць у чалавека жыццё? Ці спыняе смяротная кара злачынствы? На гэтыя пытанні Англія адказала паўстагоддзя таму. Іншыя еўрапейскія краіны гадамі пазней зразумелі, што смяротнае пакаранне – гэта нічым не апраўданае і бессэнсоўнае дзікунства. А Беларусь аж да сёння на гэтыя пытанні не мае адказу, яна – адзіная краіна ў Еўропе, дзе не толькі расстрэльваюць людзей, але і робяць гэта ў надзвычай сціслыя тэрміны, калі яшчэ немагчыма на ўсе сто працэнтаў быць упэўненымі ў віне асуджанага. Ведаем мы і выпадкі, калі ад імя правасуддзя забівалі невінаватых. А літаральна за тыдзень да прэм’еры “Вешальнікаў” у Беларусі быў вынесены чарговы смяротны прысуд, і зусім верагодна, што яшчэ аднаго чалавека заб’юць стрэлам у патыліцу... Праблемы настолькі празрыстыя і зразумелыя, што рэжысёру і не спатрэбілася штучна пераносіць дзеянне ў Беларусь. Яны і ў англійскім антуражы чытаюцца і ўспрымаюцца беларусамі як свае.

Купалаўцы не навязваюць спектаклем “Вешальнікі” нейкага катэгарычнага погляду на праблему адмены смяротнага пакарання, а проста запрашаюць публіку да роздуму на вельмі важную праблему, якую нам, беларусам, калі хочам жыць у супольнасці з цывілізаваным светам, трэба вырашаць ужо сёння. Але спектакль – гэта мастацкі твор. Яго ідэйныя пасланні і пытанні публіцы вынікаюць з жыццёвай гісторыі, якую, хай і на падставе рэальных падзей, усё ж прыдумаў аўтар і расказаў тэатр. У Макдонаха жанр п’есы – чорная камедыя з крымінальнай інтрыгай. У рэжысёра Краўчанкі, хоць на афішы таксама пазначаны жанр як чорная камедыя, атрымаўся спектакль не вельмі смешны. Камедыю перамог трылер. Асабліва ў другой дзеі, якая пастаўлена ў традыцыях, безумоўна, падгледжаных у брытанскім кіно. Дзеянне развіваецца напружана, поўніцца загадкавымі сітуацыямі і калізіямі, атмасфера згушчаецца – за сценамі паба ліе дождж, прыход кожнага персанажа апавяшчаюць раскаты грому, шыбы звонку падсвечваюцца злавесна халодным сінім святлом. Глядач аж да самай апошняй сцэны застаецца ў напружаным няведанні і чаканні развязкі. І трымаюць іх у напружанні найперш акцёры.
Ігар Дзянісаў цэнтральны вобраз вешальніка Гары Уэйда стварыў вельмі глыбокім, псіхалагічна насычаным, маштабным. Унутраны стан і вонкавая пластыка знаходзяцца ў гармоніі. Артыст малюе свайго героя буйнымі мазкамі. Здаецца, усе магчымыя плюсы і мінусы прыроды чалавека, яго сацыяльнасці раскрывае ён на сцэне. А лейтматыў яго ролі становіцца і лейтматывам, ідэяй спектакля: былых не бывае. Да слова “былых” можна дапасаваць не толькі прафесію вешальніка, а і камуніста, нацыста, фашыста, энкавэдыста, забойцу… Чалавек, які аднойчы зрабіў свой выбар на карысць зла, сумленна служыў і быў шчыра аддадзены сваёй злой справе, з тым і застанецца да канца дзён сваіх, калі не ў дзеяннях, дык у галаве. Ён можа схавацца за словы, знайсці апраўданні, але цалкам іншым ужо не будзе, яму заўсёды не будзе ставаць той злой справы. Гэтая думка гучыць у тэксце, гэтая думка акцэнтуецца і ў вельмі яркай сцэне невыпадкова выпадковага павешаннясамасуду, якое здзяйсняе на сцэне-арэне Гары Уэйд. Яна гучыць ужо як ісціна, калі з’яўляецца яшчэ адзін кат – найвялікшы вешальнік Англіі новага часу Альберт П’ерпойнт (рэальная асоба) у бліскучым выкананні Аляксандра Падабеда.
Мінулае не адпусціць. Не адпусціць і бяздумнае, абыякавае, хлуслівае грамадства, якое ва ўсе часы патрабавала хлеба і відовішчаў. У дадзеным спектаклі замест хлеба яно патрабуе піва, а ў сучаснай беларускай рэальнасці – чарку і скварку. Увасабляе ў купалаўскім тэатры такую філасофію жыцця кампашка выпівакаў-разявак у маляўнічым выкананні артыстаў Алега Гарбуза, Аляксандра Зелянко, Антона Макухі, Ігара Пятрова, Дзмітрыя Есяневіча, Мікалая Кучыца. Яны таксама ўскосныя вешальнікі.
А што значыць быць жонкай вешальніка, класціся з ім у ложак, ведаючы, што ён толькі што павесіў чалавека? Як цярпець яго дэспатызм, бо работа ката яго не адпускае і дома? На гэтыя пытанні вельмі цікава, кожная па-свойму знаходзячы псіхалагічныя нюансіроўкі, адказваюць выдатныя артысткі Зоя Белахвосцік і Юльяна Міхневіч у ролі Эліс Уэйд.
А ці лёгка быць дачкой ката, якую ён штогадзіну абзывае нудзілай? Кранальна і вельмі драматычна сыгралі ролю Шырлі Уэйд артысткі Крысціна Дробыш і Дзіяна Камінская.
Цікавы вобраз загадкавага і злавеснага маладога чалавека Пітэра Муні стварыў Іван Кушнярук. Ён віртуозна закручвае інтрыгу і зусім не праясняе, дык хто гэты Муні насамрэч ёсць: гвалтаўнік, забойца ці проста прайдзісвет? На такія ж пытанні адносна падобных людзей часам не можа даць адказ і суд, а вырак выносіць…
Увогуле, з майго гледзішча, усе 20 акцёраў, занятых у спектаклі, на сваіх месцах. Я паглядзеў абодва склады выканаўцаў і нават у трох камбінацыях. Мы маем той выпадак, калі нельга сказаць, хто ў першым складзе, а хто ў другім. Усе яны існуюць дакладна, не губляючы сваёй індывідуальнасці. Мне цікавы памочнік вешальніка Сід як Аляксандра Казелы, так і Сяргея Чуба. Выразны і дакладны таксама Ігар Сігоў у ролі П’ерпойнта. Запомніўся і артыст-дэбютант Павел Паўлюць у ролі журналіста Дэрэка Клега.
Варта ісці на любы склад акцёраў, і вы атрымаеце асалоду ад іх выканання! Праўда, калі вы любіце сур’ёзны тэатр, а не калаж атракцыёнаў. Трэба ісці і глядзець, каб задумацца пра цану жыцця і смерці.
Вячаслаў РАКІЦКІ
Фота з архіва Тэатра імя Янкі Купалы
"Народная Воля" №6 (4361)
22.01.2019 г.