"Мне падабаецца растварацца ў акцёрах". Інтэрв'ю з Віталём Краўчанкам

Мы сустрэліся і паразмаўлялі з Віталём Краўчанкам – рэжысёрам, акцёрам, радыёжурналістам, пастаноўшчыкам спектакля «Метад», які можна будзе ўбачыць 22 сакавіка ў рамках XIII Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.art.кантакт-2018».

Віталь Краўчанка / Фота У.Рахуба
Віталь Краўчанка / Фота У.Рахуба

 

Чаму пасля таго, як вы скончылі Акадэмію мастацтваў і сталі прафесійным акцёрам, вырашылі пайсці вучыцца на рэжысуру?

 

Я ў прынцыпе ніколі асабліва не хацеў быць акцёрам, так проста адбылося. Заўсёды хацеў на рэжысуру, але разумныя людзі параілі спачатку скончыць акцёрскае.

А пасля, калі ў мяне, як акцёра, здарыўся вымушаны творчы адпачынак, я зразумеў, што хачу вярнуцца да таго, чаго хацеў з самага пачатку. Даведаўся, што Мікалай Пінігін дабірае на курс, патэлефанаваў, ён сказаў: «Прыходзь». Так я апынуўся на рэжысуры. І шчаслівы, што гэтая падзея адбылася, што я не здрадзіў сваёй мары, і таму, што патрапіў менавіта да Пінігіна.

 

Ці можна сказаць, што вы паслядоўнік Мікалая Пінігіна?

 

Не, што вы! Пакуль яшчэ не паслядоўнік. Хаця... буду шчаслівы, калі так раптам станецца. Сёння я толькі яго вучань. Чым і ганаруся!

Як вы ставіцеся да правакацыі ў тэатры?

У любой добрай п’есе, добрым спектаклі заўсёды ёсць правакацыя. Гэта тое, што чапляе. Пытанне толькі ў тым, у якой форме выражана гэтая правакацыя і з якой мэтай.

 

Што для Вас галоўнае ў спектаклі? Уразіць ці расказаць простую гісторыю? 

 

Я за ўцямную гісторыю. Таму што апошнім часам галоўным становіцца толькі справакаваць. У пагоні за гэтай мэтай некаторыя спрабуюць зрабіць так, як не рабіў ніхто. Што, безумоўна, мае права на існаванне. Ну і няхай. А я гляджу і думаю: «Супер, а я буду рабіць так, як гэта рабілі сто гадоў таму назад».

Не лічу патрэбным вынаходзіць нанова веласіпед. Ён даўно вынайдзены. Трэба толькі навучыцца на ім ездзіць па правілах. Упэўнены, што нават самую страшную, жорсткую гісторыю можна расказаць вельмі светла, альбо, прынамсі, даць надзею на святло ў канцы тунэлю.

 

Для вашай творчасці характэрны сузіральны ці разбуральны пачатак?

 

А разбурыць што? Стэрэатыпы? Традыцыі? Хто я такі, каб іх разбураць? Яны і так сёння ў нас разбураюцца на кожным кроку, але адзін стэрэатып разбураецца, новы нараджаецца. А вось на глебе чаго гэтыя стэрэатыпы паўстаюць, як яны кіруюць намі, чаму мы жывём гэтымі стэрэатыпамі і да якіх наступстваў яны прыводзяць – вось гэта мне цікавей. Галоўнае, каб быў цікавы герой/гераіня, што ў сучаснай драматургіі рэдка сустракаецца, праз якога можна разбірацца ў гэтых праблемах, за барацьбой якога цікава назіраць, якога шкада, якому суперажываеш.

 

Героя ж можна любіць, ставіцца да яго з сімпатыяй? Чаму героя павінна быць менавіта шкада?

 

А як інакш? Мне асабіста нецікава назіраць на сцэне за героем, з якім нічога не адбываецца, на шляху якога няма перашкод. Як і ў жыцці: рэдка нехта са спакойным сэрцам пройдзе міма пабітага сабакі. Але і не кожны наважыцца да яго падысці, бо той можа ўкусіць. Але ж яго шкада.

А як заклікаць да нейкага святла? І зноў жа, на прыкладзе спектакля «Метад», які пакажуць на форуме ў Магілёве. Усе галоўнага героя лічаць нахабным, дрэнным чалавекам і гэтак далей, а мне яго шкада. Шкада па той прычыне, што чалавек у сённяшніх умовах, у якіх мы ўсе існуем, вымушаны так сябе паводзіць. Мне шкада яго, мне шкада ўсё наша грамадства, у якім каб займець кавалак пад сонцам, мы вымушаныя часам адмаўляцца ад свайго «я» і ператварацца ў тых, каго чакаюць ў нас убачыць, каб у выніку атрымаць тры капейкі, альбо працоўнае месца і гэтак далей.

 

Вам не здаецца, што гэта заўсёды існавала і будзе існаваць, што людзі фарміруюць сябе так, каб спадабацца навакольным?

 

Вядома, прырода чалавечая не мяняецца, мяняюцца абставіны. І людзі мусяць прыстасоўвацца да іх. Але як хацелі кахання, так і хочуць кахання, і гэтак далей. Прырода чалавечая нязменная.

 

Якім павінен быць спектакль? Аб вечных праблемах, ці можна выбраць для асновы нейкую сённяшнюю падзею?

 

Мне асабіста бліжэй вечныя праблемы. Але падзеі сённяшняга дня не выключаюць праблем дзён даўно мінулых.

 

Калі Вы ставілі спектакль «Браты і Ліза» у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, што вам найбольш запомнілася?

 

Усё запомнілася, таму што гэта была дыпломная праца, першы вопыт. І гэта быў свядомы выбар – з’ехаць і паставіць менавіта ў абласным тэатры. Таму што многія на этапе дыпломнага спектакля кажуць: «Ай, не хачу ехаць у правінцыю». А хто сказаў, што гэта правінцыя? А двор у мінскім мікрараёне Лошыца – гэта правінцыя ці не правінцыя? Правінцыя можа панаваць і ў асобна ўзятай кватэры, у сям’і. Бо яна не на пэўных квадратных метрах і геаграфічных мясцовасцях, яна ў галовах. А мне было цікава паехаць і самастойна адпрацаваць ад першай размовы з дырэктарам тэатра да прэм’еры і праверыць сябе, наколькі я гатовы ўступіць у прафесійнае жыццё. Вельмі шчаслівы, што адбылося паразуменне з акцёрамі, што ўдалося знайсці агульную мову, што даверыліся мне, а я ім.

 

Для вас характэрны аўтарытарызм у працы з акцёрамі?

 

Не, гэта не маё. У Магілёве артысты перыядычна нават пыталіся: «І што, нават крычаць не будзеш? ». Я вельмі рэдка павышаю голас, магчыма ад таго, што сам нядаўна быў акцёрам і цярпець не мог, калі на мяне крычаць, гэта па-першае. А па-другое, для мяне галоўны на сцэне – гэта акцёр. Мне падабаецца растварацца ў акцёрах. Тэатр існуе, пакуль існуе жывы акцёр. Дысцыпліна, натуральна, павінна быць, але хочацца дамагацца яе не аўтарытарным метадам.

Сцэна са спектакля "Метад" Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра
Сцэна са спектакля "Метад" Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра

А чаму для спектакля ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры вы выбралі менавіта п’есу каталонскага драматурга Жардзі Галсэрана «Метад Гранхольма»?

 

Таму што гэта вельмі сур’ёзная і актуальная п’еса, выдатная літаратура. Ды і мала хто сёння гаворыць пра гэта са сцэны. А тут ёсць магчымасць зірнуць на сябе з боку. Калі людзі сёння, у сучасных умовах, адмаўляюцца ад сябе, ад свайго «я» для таго, каб проста патрапіць на пасаду. Вось пакуль я ішоў на сустрэчу з вамі, заўважыў, што сядзіць у пераходзе мужчына і грае на баяне, а яшчэ ўчора на гэтым месцы сядзеў іншы мужчына з сабакам і таксама жабраваў. Мне нават стала цікава: хто ў каго гэтае месца адбіў? Нават на гэтым ўзроўні людзі сёння змагаюцца за месца пад сонцам. Але якім шляхам, праз што людзі пераступаюць, каб дамагчыся гэтага месца?!

 

Наколькі цяжкім для акцёраў апынуўся спектакль «Метад»? І ці выйшла ў выніку тое, што вы задумвалі?

 

Так, было складана, але амаль ўсё, што я задумваў, атрымалася! І я таксама ўдзячны акцёрам за давер. Таму што і для мяне такі вопыт быў упершыню, з такой драматургіяй я не працаваў раней, і ім было складана, таму што ў такім жанры ніколі не працавалі. Але тым і цікавей працаваць, пераадольваючы цяжкасці.

 

Наколькі гэты спектакль знайшоў водгук у гледача?

 

Я не чакаў, насамрэч, што будзе такая цікавасць да спектакля, але тое, што гледачы пайшлі, і так актыўна, гэта гаворыць аб тым, што тэма (праблема) чапляе, трапляе ў грамадства. Плюс дэтэктыўная гісторыя, у дадзеным выпадку нават трылерная, трымае ўвагу і захапляе.

 

А ці дапускаеце вы, што самі маглі б апынуцца ў такой жа сітуацыі?

 

Так, таму мне і шкада гэтага героя. Увогуле ў кожнай п’есе, якая мне цікавая, ёсць герой (не абавязкова галоўны), праз якога хочацца трансляваць свой погляд на свет, на тыя ці іншыя праблемы, дзяліцца з тым, што «баліць».

Сцэна са спектакля "Метад" Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра
Сцэна са спектакля "Метад" Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра

Атрымоўваецца, што заўсёды трэба праецыраваць герояў на сябе?

 

Думаю, што ў кожнага па-рознаму. Але мяне, найперш, хвалюе чалавек у пэўнай сітуацыі, а не сітуацыя, у якую трапляе пэўны чалавек. Адпаведна, я і сябе стаўлю на месца таго ці іншага героя.

 

Вы працавалі ў некалькіх абласных тэатрах. Якія галоўныя іх адрозненні ад тэатраў у сталіцы?

 

Я не бачу вялікіх адрозненняў: і там і там – акцёры, гледачы. Адзінае адрозненне – у Мінску некалькі тэатраў, таму яны могуць дазволіць сабе працаваць на пэўную аўдыторыю, а ў абласных і раённых гарадах іх часцей за ўсе два, а то і адзін, і ён мусіць задавальняць густы і патрэбы ўсяго горада. Але я не лічу, што гэта праблема, гэта проста дадзенасць, з якой таксама трэба ўмець працаваць.

 

Размаўляла Валабуева Карына

«М.art.кантакт-2018», Магілёўскі абласны драматычны тэатр